Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

22 марта 2019 г. 15:39

379

3

Пэўны час я марыла напісаць раман, падзеі якога адбываліся б у кнігарні. У звычайнай невялічкай менскай кнігарні. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў такім месцы я працую ўжо больш за два гады. Магчыма, мне проста не хапае такога твора ў беларускай літаратуры. Свайго аналага серыяла “Black books” і кнігі Шона Байтэла “The Diary of a Bookseller”. А Зміцер Вішнёў узяў і напісаў. Антыраман, галоўны герой якога — дырэктар кнігарні (уласна, як і сам аўтар). Той, хто ўжо знаёмы з творчасцю Вішнёва, ведае, што не варта чакаць ад гэтай кнігі сюжэту, лінейнага выкладу фактаў і падзей. Твор складаецца з урыўкаў, дыялогаў, размоў і фрагментаў. Гэта дыялогі дырэктара з галавой, хроніка працы кнігарні, гісторыі іншых персанажаў, якія з’яўляюцца на старонках кнігі.
Як ні дзіўна, але мяне сапраўды захапіла з першых старонак, я нават здзівілася, бо ранейшыя спробы знаёмства з творчасцю Змітра былі зусім не паспяховыя. Думкі, якія аўтар уклаў у вусны героя ў пачатку кнігі, былі мне блізкія.
Асабліва вось гэтае апісанне, якое трапна пасуе многім беларускім культурніцкім пляцоўкам:

Рыгор Каваль — чалавек, які ў зорную ноч, а магчыма і ў беспрасветнай начной цемрачы, зразумеў, што хоча адкрыць у цэнтры горада новую кнігарню. Можа, нават і не зусім кнігарню. А нешта трошкі ад галерэі, трошкі ад кнігарні — карацей, каб гэта была культурніцкая пляцоўка. Своеасаблівая плюшка, пасыпаная цукрам, якая плавае ў каньяку. Хацелася Рыгору, каб сюды запаўзалі не проста выпівохі, а інтэлектуальныя прапойцы. Калі ў адным закутку рыгнуў, дык у другім рэхам адгукнецца паэтычнае слова.

Але скончылася першая частка, і скончылася маё захапленне кнігай, усё стала на свае месцы, вобразнасць і метафарычнасць перавысіла разумовыя здольнасці маёй галавы. Далей спадар Вішнёў выйшаў сваёй кнігай па-за межы Сонечнай сістэмы. Хаця не, не выйшаў, толькі да Марса даляцеў, які апынуўся сінім.
Фінал трагікамедыі. Заслона.
І пад канец вам цудоўная цытата:

Тыя, хто хоць некалі працаваў з кнігай, зразумеюць мяне.
Хто такі кнігагандляр? Правільна: маленькі папяровы бог. Шаман. Анестэзіёлаг. Кардыёлаг. Трэнер па фітнэсу. Кулінар. I многа хто яшчэ. Гэта па сутнасці праваднік у свет кніжных герояў. Экскурсавод у невядомае. Адным словам — гуру.
Наведнікі даволі часта робяць свой выбар, паслухаўшыся гандляра. Бо не ведаюць, чаго самі хочуць. Давяраюцца гуру. А яшчэ прэміі ўплываюць на выбар пакупніка. Не істотна, што за прэмія, — абы была. Хоць ад прыбіральшчыцы цёткі Клавы. Затое прэмія!..

картинка xbohx