Больше рецензий
16 мая 2019 г. 13:21
425
5
РецензияЯк часта дарослыя недаацэньваюць дзяцей. Гэтыя фразы накшталт “вырасцеш — зразумееш”, нібыта дзеці — гэта нейкія недаразвітыя людзі. А яны не горшыя за нас і таксама разумеюць сур’ёзныя рэчы. У кожнага з іх унутры цэлы свет, які трэба ўмець бачыць і цаніць.
Дзяўчынка Берта заўжды любіла маляваць, і гэта ў яе добра атрымлівалася. Але здараецца так, што ты нарадзіўся не ў той час і не ў тым месцы. Швецыя, пачатак ХХ стагоддзя. Дзяўчыне з простай сялянскай сям’і было складана атрымаць мастацкую адукацыю. А як ствараць нешта прыгожае, калі ніхто ў цябе не верыць? І адзіны чалавек, якому ты магла даверыцца, самы блізкі і родны, памірае. Сухоты забралі ў Берты маці, а разам з ёй і надзею на лепшую будучыню. Але Берта не перастае думаць і адчуваць свет па-свойму, бо ніхто не можа забараніць ёй быць сабой.
Кніга пра адзіноту і выбар свайго шляху ў жыцці, пра мастацтва, якое становіцца часткай жыцця, пра страх страціць блізкага чалавека, пра жаданне стаць вольнай птушкай, а таксама пра сталенне.
На гэтую кнігу аўтарку натхніла гісторыя жыцця шведскай мастачкі Берты Хансан, яе працы, дзённікі і лісты. Але можна не ведаць гэтую мастачку і ўсё роўна атрымаць ад кнігі велізарнае задавальненне, бо яна ўніверсальная.
Мяне даўно так не ўражвалі дзіцячыя кнігі. Яна цудоўная і зместам, і ілюстрацыямі, якія хочацца разглядаць бясконца. Яркія, сакавітыя, добра перадаюць атмасферу кнігі, бо паміж імі і тэкстам створаны ідэальны баланс: светлыя і натхняльныя ў добрыя моманты, змрочныя і дарослыя на старонках, дзе адбываецца нешта непрыемнае.
Кніга мае абмежаванне 12+, але я лічу, што з ёй варта знаёміць дзяцей нашмат раней, каб разумелі, як важна заставацца сабой, нягледзячы на абставіны.
Дзякуй Надзі Кандрусевіч за пераклад і за тое, што данесла гэтую кнігу да беларускага чытача!
Думаю,
калі б я была птушкай,
то змагла б паляцець.
З нашай вёскі.
Да іншага жыцця.
Туды, дзе я была б той, кім я ёсць.
Дзе ніхто не крычыць на мяне
і не лічыць нязграбнай дзівачкай.