Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

27 февраля 2020 г. 15:18

242

4

“Вечны Зніч” – гэта першы паэтычны зборнік Міхася Скоблы. Калі паспрабаваць вызначыць асноўныя прыкметы паэзіі пакалення “Тутэйшых”, дык гэтая кніга будзе выдатным узорам для аналізу.

“Занядбанне мінулага, забытая родная мова, адсутнасць духоўных крыніцаў – ці не гэта адрознівае дзікуна ад цывілізаванага чалавека?” Такое пытанне прысутнічае ў анатацыі да зборніка. І сваімі вершамі Міхась Скобла спрабуе адказаць на яго. Гэта былі як раз асноўныя задачы, як палітычныя, так і эстэтычныя, Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Хтосьці з “тутэйшаўцаў” толькі часткова закранаў у сваё творчасці гэтыя тэмы. Але існавала кагорта маладых пісьменнікаў, якія гэтыя задачы ставілі ў мэйнстрым сваёй творчасці. Бадай самым паслядоўным тут быў Анатоль Сыс. І вось першая кніга значна маладзейшага да Сыса Міхася Скоблы цалкам патрапляла ў фарватар “тутэйшаўскага” руху.

Самым вядомым творам з гэтага зборніку стаў верш “У апошнім музеі Беларусі”. Хоць гэта не самы лепш верш кнігі, але на гэты тэкст гурт “Тутэйшыя хлопцы” напісаў песню “У музеі”, якая затым трапіла на выніковую вінілавую кружэлку хіт-парада радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”.

“Страчана…”
“Страчана…”
“Страчана…” –
надпіс на кожным цэтліку.
З памяццю
спячаю
Спадчыну
не збераглі мы цэлаю.

У вершы “Вечны Зніч” паэт наракае, што святы спадчынны Зніч тутэйшыя людзі не даглядалі і ён згас. А гэта не проста страта нейкіх традыцыяў і звычаяў. Гэта бяда ментальная.

Ёсць у кнізе і верш, прысвечаны Кастусю Каліноўскаму.

Іскарай “Мужыцкай праўды”
жыцьме народны прысак.

Ну і нельга не заўважыць верш “Дзяды-88”. Гэта як раз пра тую першую сур’ёзную акцыю апазіцыі канца 80-х, у арганізацыі якой удзельнічалі сябры “Тутэйшых”, і якую жорстка разагнала ўлада. Калі дзяды выйшлі з магілаў і…

Сталі да ўнукаў, родныя,
Пад вадамёты ротныя.

Варта яшчэ адзначыць, што і бел-чырвона-белая вокладка зборніка, якую намалявала ў той час зусім маладзенькая мастачка Марта Шматава, адпавядае зместу кнігі.