Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

26 апреля 2020 г. 09:51

225

4

Зусім у нямногіх беларускіх паэтаў 20-х гадоў была такая багатая біяграфія як у Язэпа Пушчы. Ён увесь час трапляў у самы эпіцэнтр тагачаснага літаратурнага жыцця Беларусі. Паэт быў сярод заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Быў адным з лепшых сяброў і паплечнікам Уладзіміра Дубоўкі. З’яўляўся і заснавальнікам літаратурнага аб’яднання “Узвышша”. Актыўна друкаваўся ў часопісе літаб’яднання. Шкада, што Пушча не дажыў да часоў "перабудовы" і галоснасці і не змог напісаць шчырыя і праўдзівыя ўспаміны.

Але ўсё ж паэту ў жыцці пашчасціла. Па-першае, на яго лёс выпала не так шмат гулагаўскіх выпрабаванняў. У 1935-ым годзе ён ўжо быў вызвалены і затым не трапіў у другую хвалю рэпрэсій. Па-другое, літаратурную спадчыну Пушчы пачалі сур’ёзна вяртаць напачатку 80-х, выдаўшы томік выбранага “Сады вятроў”, а затым, у 1993 годзе, пабачыў свет акадэмічным выданнем, з навуковымі каментарамі, змястоўны двухтомнік.

Калі параўноўваць укладанне зборніка “Сады вятроў” з двухтомнікам, то бачна, што самыя славутыя вершы паэта, як напрыклад, цыкл “Лісты да сабакі”, за які паэта шалёна бэсціла тагачасная вульгарызатарская крытыка, у зборнік не трапілі. Затое трапілі савецкія вершы Пушчы, якіх насамрэч у паэта было не так шмат. Напэўна для таго, каб Пушчу было лягчэй вярнуць у актуальны літаратурны абсяг.

Найлепшыя вершы ў зборніку – гэта, канешне, тыя, якія прысвечаны роднай Беларусі, яе маляўнічай прыродзе, бо нездарма паэт узяў псеўданім Пушча.

Люблю прайсці сцяжынкамі ляснымі,
Пад елкамі і соснамі густымі,
Пад клёнамі з лістамі залатымі,
Пагаманіць і з гэтымі, і з тымі…

І яшчэ не цяжка заўважыць, што ў гэтым зборніку выбранага досыць шмат вершаў пра саму паэзію і паэтаў. Напрыклад, ёсць вершаваныя звароты да Купалы, Пушкіна, Ясеніна, Райніса. Яшчэ ў 1929 годзе Язэп Пушка ў вершы “Паэзія мая” разважаў пра сваё гарэнне паэзіяй, пра душы пажар і пра тое, што пакіне ў спадчыну нашчадкам:

Гарыць душа, гарыць уся,
Не патушыць душы пажар.
Хто ты, паэзія мая?
Пакінем што народу ў дар?

Язэпу Пушчу пакінуць свой дар народу ўдалося.