Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

25 мая 2020 г. 18:43

1K

5

Андрэя Федарэнку ў беларускай літаратуры заўсёды адзначаюць, як выдатнага стыліста. Гэта адзін з нашых найлепшых сучасных празаікаў, а таксама адзін з маіх любімых беларускіх аўтараў. Гэтым разам ён вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці аўтара дэтэктываў, і ў яго гэта бліскуча атрымалася.
Я, і многія прыхільнікі творчасці Андрэя Федарэнкі, ужо даўно чакалі ад любімага аўтара выхаду паўнавартаснага рамана. Бо ў 2018 годзе быў апошні зборнік кароткай прозы, дагэтуль яшчэ некалькі, а хацелася б чаго-небудзь цэльнага, маштабнага. Вось нарэшце ў часопісе «Дзеяслоў» з’явіўся гэты раман, а праз некаторы час выйшаў асобнай кнігай у выдавецтве «Мастацкая літаратура».
На першай жа старонцы аўтар паказвае нам, у рэчышчы якога жанру будуць разварочвацца далейшыя падзеі: «амаль усе крымінальныя гісторыі пачынаюцца з пратакольнай даты».
Галоўным героем пісьменнік зрабіў даволі блізкую сабе паводле роду заняткаў асобу. Віктар Рак хаваецца пад творчым псеўданімам і працуе ў літаратурнай сферы: вядомы ў першую чаргу, як паэт, вершы якога нават у школе праходзяць. А таксама ён працуе ў рэдакцыі. Жыццё гэтага амаль 50-гадовага мужчыны было адносна спакойным і размераным. Творчасць, праца. Нікога з родных у жывых не засталося, сям’і няма. Жыве сабе спакойна на сваім шостым паверсе. Плануе заняцца прозай.
Але ўсё змяняецца ў цёплы ліпеньскі вечар пасля званка стацыянарнага тэлефона. Віктар адзначае, што хатні тэлефон у яго звязаны выключна са стратамі, бо званком на яго паэту паведамлялі пра смерці бацькоў і сваякоў. Але, здавалася б, ужо няма каму роднаму паміраць, і ўсё роўна Віктар нічога добрага ад званка не чакае.
Званок Віктару быў ад Лены Міхайлоўскай, яго захаплення маладосці. 18 гадоў таму ён выступаў як паэт у паліграфічным каледжы, дзе і сустрэў гэтую маладую і сімпатычную студэнтку-завочніцу. Вядома ж, сур’ёзных адносін у іх не было, так, караценькія рамантычныя адносіны. Але пасля іх застаўся цэлы верш «Чаромхавы чад». Лена пачала расказваць Віктару, як склалася яе жыццё: замуж збіраецца, дачка амаль паўналетняя. Вось наконт дачкі яна і тэлефануе, каб пры дапамозе вядомага паэта ўладкаваць яе на журфак.
Вось з гэтага раптоўнага званка і пачынаецца ўся гісторыя, галоўны герой якой, Віктар, будзе даволі ненадзейным апавядальнікам.
У той жа дзень, калі адбыўся гэты званок, у кватэру да Віктара нечакана і без запрашэння завальваецца Стары Анатоль Самусенка, былы выкладчык літаратуры. Прыходзіць не з пустымі рукамі, а з прапановай працы. І гэтая прапанова яшчэ больш раскручвае той механізм, які быў запушчаны званком Міхайлоўскай. Пасля гэтага спакойнае жыццё паэта напаўняецца мноствам нечаканых і дзіўных персанажаў, а сюжэт раскручваецца ўсё больш і больш.
Гэтая кніга ўпэўніла мяне, што калі пісьменнік таленавіты, то для яго не складзе цяжкасцяў звярнуцца да любога літаратурнага жанру. Аказалася, што Федарэнка яшчэ і майстар саспенсу, які ён нагнятае на працягу ўсёй кнігі. Уласна дэтэктывам твор становіцца не з самага пачатку, а крыху далей, калі з’яўляецца канкрэтны персанаж-дэтэктыў. Ён вядзе расследаванне і тут усё згодна з канонамі жанру.
А да гэтага моманту Федарэнка не дае чытачам адпачыць і расслабіцца, як гэта звычайна бывае пры чытанні просценькіх дэтэктываў. Федарэнка дынамічнымі падзеямі рамана прымушае нас напружвацца і заставацца ў трывожным чаканні. Гэта сапраўдны трылер, дзе ты не ведаеш, што адбудзецца ў наступную хвіліну.
Яшчэ раз паўтаруся, што гэта вельмі нечаканы твор ад Федарэнкі. Але і тут застаецца вельмі пазнавальным яго фірмовы стыль: Федарэнка верны сабе ў вытанчаных апісаннях прыроды, у вялікай колькасці разваг пра чалавека і пісьменніцтва, пра лёс Беларусі, беларускай мовы і літаратуры. Іх ён укладвае ў вусны розных персанажаў, але мы разумеем, што праз іх гаворыць сам аўтар.
Напрыклад шмат разважае пра беларускую літаратуру стары выкладчык Самусенка, і выказвае адну думку, з якой немагчыма ў наш час не пагадзіцца:

У нас другое стагоддзе адна і тая ж памылка. Мы думаем, што мова — панацэя. Верым, што калі ўсе загавораць па-беларуску, дык аўтаматычна стануць разумнымі, смелымі і добрымі.

І далей кажа тое ж самае, што я часта чую ад знаёмых, якія чытаюць некаторыя творы сучаснай беларускай літаратуры:

Я людына вжэ стара і, можа быць, сучасную літаратуру не разумею, але здаецца мне, што яна ўсё больш робіцца пісьменніцкай — не ў пераносным, а ў прамым сэнсе: пісьменнікі пішуць для пісьменнікаў.

А я яшчэ і дадам, што не толькі для пісьменнікаў, але і пра пісьменнікаў.
З мінусаў кнігі: яна вельмі хутка заканчваецца. Паводле ўсяго майго папярэдняга апісання можа падавацца, што гэта такі аб’ёмненькі раман. Але не, у кнізе ўсяго 175 старонак. І яе можна прачытаць нават залпам.
Яшчэ адзін мінус, на гэты раз сапраўдны мінус, гэта праблемы з карэктурай. Карэктар у прынцыпе не пазначаны, але ёсць некалькі рэдактараў, якія прапусцілі нешта мнагавата даволі прыкрых памылак, як проста памылак друку, так і сур’ёзных арфаграфічных.
Але кнігу гэта ні ў якім выпадку не робіць горш. Таму вельмі яе раю. Даўнім прыхільнікам творчасці гэтага аўтара будзе прыемна паглядзець на яго з нечаканага боку, а тыя, хто з Федарэнкам яшчэ не знаёмы, лёгка могуць пачаць знаёмства менавіта з гэтага твора. Здаецца, «Жэтон на метро» іх не напужае.
картинка xbohx