Больше рецензий

19 февраля 2012 г. 00:15

895

3

"Усё пакінуць след павінна", — пісаў Пятрусь Броўка ў 1963 годзе і папярэджваў-засцерагаў моладзь: "Вы выйшлі ўдалеч, маладыя, Вам доўга крочыць праз гады. Не забывайцеся ж, якія Вы пакідаеце сляды". І гэтае перавыданне вершаў стала магчымым дзякуючы сукупнасці яго ўласных слядоў — як паэта і як пачынальніка беларускай энцыклапедыі.

Напрыканцы 1950-х гг. на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку яго ўразіла пачутая фраза, што не можа лічыцца народам той, што не мае герба, сцяга, календара і энцыклапедыі. І праз колькі гадоў 12 тамоў "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі" выйшлі пад яго кіраўніцтвам.

Да 45-годдзя "Беларускай энцыклапедыі", што носіць імя народнага паэта, падрыхтаваны гэты густоўна аформлены зборнік, канцэпцыя якога — паказаць эвалюцыю паэта: не лепшыя вершы Петруся Броўкі, а лепшыя вершы кожнага этапа яго творчай дзейнасці.

Чытач крок за крокам, твор за творам можа бачыць, як змяняецца паэт ад першых няпэўных сарамліва-наіўных вершаў пра каханне ("На спатканне пайду я да любай, Сэрца вымачу ў хвалях надзей...") да спелага прызнання, якому не замінаюць сівізна і зморшчыны ("Маім пачуццям так, як скроням, я не дазволю пасівець").

У кнізе ёсць усё звыклае нам: і прастата з традыцыйнасцю, якія ў свой час працавалі на народнасць ("Збіраю песню з душ людскіх"); і пафасны рамантычны аптымізм ваенных і пасляваенных вершаў ("Архітэктар"); надзённая афарыстычнасць ("Калі ж не думаеш аб смерці — смерць адступае ад цябе", "Не ведаю я большай кары, калі караеш сам сябе"); і патрыятычнасць з любоўю да Радзімы.

Відавочна, што творы, абраныя Т. Высоцкай і Т. Рослік, укладальнікамі кнігі, — гэта не проста выбранае паэта, але і падмацаванне пэўнага сучаснага іміджу Петруся Броўкі. У зборнік прапанаваны творы, якія і сёння выглядаюць жыццяздольнымі: пра каханне, жартоўна-любоўныя вершы, песні ("Александрына", "Пахне чабор"), побытава-гумарыстычныя. У кнізе выбудаваўся лейтматыў: аўтар разважае, як ставіцца да чужых і сваіх памылак, зробленых знарок ці выпадкова, ён вяртаецца да гэтай праблемы то ўсур'ёз, то жартам ("Ах, каб ды яшчэ мне памылка такая!") — і не прапаноўвае ніякіх высноў...

Змяняліся памылкі і стаўленне да іх, з'яўлялася сівізна на скронях і стомленасць жыццём, і толькі меладычнасць у творах энцыклапедыста заставалася нязменнаю...