Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

30 октября 2020 г. 16:20

215

4.5

"Тантамарэскі" — гэта не мастацкая кніга, а нон-фікшн пра судовую справу над ашмянскімі мытнікамі з памежнага пункта “Каменны Лог”. Судовыя пасяджэнні адбываліся ў розных судах сталіцы на працягу года, і з лістапада 2016 па лістапад 2017 года Сяргей Дубавец прысутнічаў на ўсіх пасяджэннях у Партызанскім судзе. Страшна ўявіць, як ён вытрымаў, улічваючы, што пасяджэнняў было каля 50. Дубавец слухаў, назіраў, размаўляў, запісваў. Так і нарадзілася кніга “Тантамарэскі”, якая першапачаткова была проста артыкуламі на сайце Свабоды, якія маглі каментаваць чытачы. Дарэчы, некаторыя з каментарыяў трапілі ў кнігу, імі заканчваецца кожная глава.
Што ж адметнага ў гэтым судовым працэсе, чаму ўсе так уважліва за ім сачылі? Справа ў тым, што падчас працэсу ашмянскія мытнікі, былі асуджаныя за карупцыю. Многія з іх атрымалі па некалькі гадоў турмы, але ж уся справа была суцэльным бяздоказным фарсам. Можаце пашукаць падрабязнасці гэтай справы, многія СМІ пісалі.
Працоўная назва кнігі была “Юркойцеў палон”, у гонар аднаго з асуджаных мытнікаў: краязнаўцы і грамадскага дзеяча Алеся Юркойця. Да таго ж яны былі ў добрых адносінах з аўтарам кнігі, таму Дубавец ніяк не мог застацца абыякавым. Алесь Юркойць быў асуджаны на 7 гадоў і на дадзены момант знаходзіцца ў турме.
А кніга ўсё ж атрымала іншую назву — “Тантамарэскі”. Думаю, вы ўсе іх сустракалі, толькі не ведалі, што гэтая прымітыўная забава мае такую экзатычную назву. Тантамарэска — гэта стэнд для фота з выразам для твару. Заходзіш за гэтую тантамарэску, прасоўваеш галаву, а з іншага боку цябе фатаграфуюць у агульнай карціне.
З такой забавай Дубавец параўноўвае наша жыццё, у тым ліку і гэты судовы працэс: ёсць пэўны набор тантамарэсак, у якія людзі па чарзе ўстаўляюць твар. Дэкарацыі ўжо вырашаныя, засталося вызначыць, хто будзе ў іх галоўным героем. Судовыя справы ўжо ёсць, засталося вызначыць, хто будзе паводле іх пакараны.
Кніга атрымалася моцнай, у ёй шмат разважанняў не толькі наконт гэтай справы, але і судовай сістэмы Беларусі ў цэлым. Шмат Дубавец піша і пра Кафку, творы якога ў размовах беларусаў апошнім часам усплываюць усё часцей. Асабліва раман “Працэс”. І калі вы не чыталі гэты твор Кафкі, то многае пра яго вам стане зразумелым пасля першых радкоў:

Хтосьці, відаць, узьвёў паклёп на Ёзэфа К., бо, не зрабіўшы нічога дрэннага, ён патрапіў пад арышт.

Нічога не нагадвае?

Пераробка знакамітага выразу “Мы рождены, чтоб Кафку сделать былью” ўзнікла яшчэ ў савецкі час. Але і цяпер беларускія ўлады ўсё для гэтага робяць.
картинка xbohx