Больше рецензий

10 апреля 2013 г. 14:43

403

4

"Раман пра магчымасці мовы і немагчымасць кахання", — інтрыгуе анатацыя. І з большага мае спадзяванні апраўдаліся. Мова сапраўды цудоўная, Бахарэвіч выпрабоўвае яе магчымасці са смакам, гуляючы, быццам так яно і павінна быць. З аднаго боку, разумееш, што самыя розныя па складанасці думкі можна выказаць чатырма словамі "сал", "бэн", "рош", "ён", і гэтага хопіць, каб быць пачутым, таму што цябе ўсё роўна ніхто не слухае. З другога — слова можа змяняць рэчаіснасць, напаўняць жыццём мертвыя рэчы.

На аўтобусе яны вярнуліся ў Шабаны, выйшлі ля гастраному, побач зь якім, закрываючыся ад сонца пляскатым брылём, драмаў маленькі рынак. Каля рынку шыхтаваліся перасоўныя крамкі. Побач даілі бочку з квасам.


Так, дзякуючы мове, сваім жыццём жыве ўсе нежывое ў Шабанах і яго ваколіцах. Чаго не скажаш пра Сафію, галоўную гераіню. Да канца кнігі не магла зразумець, ці яна раздражняе мяне, ці выклікае бязмеранае шкадаванне. І на апошніх старонках вызначылася: усё ж такі яна мяне раздражняе. Раздражняе інфантыльнасцю, абыякавасцю, немагчымасцю супраціўляцца, нейкай затхлай мертвасцю, якая напрыканцы рамана дасягае найвышэйшай кропкі выспявання. Таму і Шабаны апынуліся побач, бо галоўнае ў іх

не вышыня будынкаў і аддаленасць ад starowki, ня выхаванасьць жыхароў і ня кошты за квадратны мэтар, а нешта разьлітае ў паветры, але нябачнае, дух ізаляванасці, выкінутасьці, часовасьці, аўра, уласцівая толькі тым месцам, на якія гісторыя паставіла памылковае таўро абжытасьці

Насамрэч, там ніхто і не жыве, але шабаны ёсць паўсюль, і, думаецца, у кожнага чалавека яны свае, ніхто ў гэтым не прызнаецца толькі, а многія там ўжо жывуць, упарта адмаўляючы факт сваёй адрынутасці, імітуючы жыццё. І героі Бахарэвіча гэта яскрава дэманструюць, праўда, не заўсёды хочацца з імі пагадзіцца, але штосьці падказвае, што яны маюць рацыю.

Комментарии


Вашу рэцэнзію плюсую, добра напісана, цікава; але прынцыпова не магу плюсаваць кнігі Бахарэвіча* :) Даруйце)

* За яго аблайванне класікі пры малой начытанасці ёю.


Дзякуй за ўвагу) Ваша права мець зуб на Бахарэвіча. Дарэчы, таксама не ўхваляю прыніжэння класікаў, якога ў яго творах хапае. У "Шабанах", напрыклад, асабліва абразіла гаворка пра Янку Купалу як пра асобу жаночага полу.