Больше рецензий

22 декабря 2023 г. 23:05

81

4

Віцкаўшчына - невялікая вёска на беразе рачулкі Жэсць. Між тым, гэта даволі адметнае месца, бо ў 1906 годзе там нарадзіўся Мікалай Улашчык - гісторык, этнограф і літаратар, які прысвяціў Віцкаўшчыне грунтоўнае даследаванне.

Цікава, што родныя аўтара маюць непасрэднае дачыненне да стварэння вёскі: у 1882-1883 сяляне, сярод якіх былі бацькі і дзед Улашчыка, набылі ў складчыну фальваркі Віцкаўшчына і Казлоўшчына (раней гэта былі ўладанні Радзівілаў, а потым - памешчыка). Мікалай быў шостым, перадапошнім дзіцем у сям'і.

Прылучэнне да навукі пачалося ў двухкласнай школе, дзе "настаўнікі скрозь чаўплі ў дзіцячыя галовы, што мы гаворым брыдка". Пасля рэвалюцыі давялося вучыцца ўжо ў беларускамоўнай школе, а потым на педфаку БДУ, дзе і вызначыўся яго лёс як гісторыка. Праўда, лёс гэты быў складаны і пакручасты: першы раз (а ўсяго было чатыры) Улашчыка арыштавалі ў 1930-м. За наступную чвэрць стагоддзя ён прайшоў усе колы пекла і канчаткова вярнуўся да навуковай працы толькі ў 1955-м.

У публікацыях гісторык рабіў акцэнт на аграрнай гісторыі Беларусі, прычым выразна супярэчыў афіцыйнай пазіцыі, якая паказвала дарэвалюцыйную вёску як суцэльна бядотную і ашчасліўленую калгасным ладам. Адзін з такіх твораў - гісторыка-этнаграфічны нарыс "Была такая вёска...", дзе Улашчык на прыкладзе Віцкаўшчыны дае панарамную карціну сялянскага побыту.

Цікавасць да роднай вескі зусім не выпадковая: аўтар ведаў там не толькі ўсіх жыхароў, але нават "коней, кароў і сабак". Пісаць кнігу ён пачаў у 1926-м, калі яшчэ жылі заснавальнікі, якія да драбніц памяталі ўсю яе гісторыю. А скончыў больш чым праз паўстагоддзя, у 1979-м.

Нарыс ўяўляе сабой сумесь успамінаў, гісторыка-этнаграфічных звестак і прыкладаў з вясковага жыцця. Як на мяне, баланс атрымаўся не самы ўдалы: часам аўтар заглыбляецца ў малацікавыя падрабязнасці, істотна зацягваючы расповед. Між тым, сустракаюцца сакавітыя замалёўкі - свой топ я сабраў на выявах.

АДЗНАКА: 6 з 10.

P.S. Выгнаннік з роднай зямлі, Мікалай Улашчык жыў і памёр на чужыне. Аднак пахаваны ён у Менску, дзе на валуне-надмагіллі выбіты Купалаў радок: "Мне сняцца сны аб Беларусі".

картинка homa_bellit

картинка homa_bellit

картинка homa_bellit