Больше рецензий
29 мая 2024 г. 17:47
266
4.5 Беларускі космас
РецензияПерад намі дысертацыя, надрукаваная як кніга. Не тое каб гэта было дрэнна, але строгае паўтарэнне ўсіх належных частак з аглядам крыніц і нават метадамі даследавання аддаляе кнігу ад навукова-папулярнага жанру. Навуковасцю тэкст даступны для сярэднестатыстычнага чытача, але папулярнасці яму бракуе. І паколькі я не прэтэндую на тое, каб выступіць рэцэнзентам чыёйсьці кандыдацкай дысертацыі, я агучваю эмацыйныя ўражанні "простага" чытача, які набыў кнігу.
Эмоцыі мае пераважна пазітыўныя. Гэта сапраўды агляд развіцця астраноміі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Гэта тое, што абвешчана, што мне было цікава і што я атрымала. Так што ўсе мае наступныя заўвагі - гэта вечнае жаданне дасканаласці, калі ўжо маеш на руках добрае.
Найлепшай рэцэнзіяй - пераказам кнігі - выступае 4-старонкавае "Заключэнне" (аўтар яўна мае на ўвазе не "зняволенне", а "высновы"). Там сцісла і трапна акрэсліваецца, што першапачатковыя астранамічныя веды былі злітыя з міфамі і паганствам, праваслаўная царква даволі сувора ставілася да "навукі звяздарскай", выкарыстоўваючы ўсё ж яе для каляндарных вылічэнняў, а распаўсюджанне каталіцтва і пазней заснаванне ўніверсітэтаў (Віленскага) залучыла нашых продкаў у прагрэсіўны еўрапейскі навуковы дыскурс.
Першыя пару дзясяткаў старонак я не магла зразумець, пра які "каталіцкі хрост" ВКЛ ідзе размова пры поўнай адсутнасці нават слова "праваслаўе" - ці гэта наўмысная ўстаноўка аўтара, ці ён карыстаўся дзіўнымі перадузятымі крыніцамі. Нібы не было ні Рагнеды, ні Еўфрасінні, не засталося і сёння цэркваў 12 стагоддзя. У 14 стагоддзі на чысцюткую паганскую прастору прыйшоў каталіцкі хрост і ўзмахнуў чароўнай палачкай крыжам. Асабліва дзіўна стала, калі ўзнік (з ніадкуль) Сімяон Полацкі, праваслаўныя брацтвы, супрацьстаянне аднекуль праяўленай праваслаўнай царквы. У "Заключэнні" ўсё падсумавана адэкватна і карэктна. Але можна ж было і напачатку напісаць хоць адным сказам (нават пры асабістай эмацыйнай схільнасці да адной з канкурэнтных рэлігійных плыняў), што хрысціянства (праваслаўе) было, але не пранікала ва ўсе куткі вялікай тэрыторыі і саступала ў бітве светапоглядаў паганству.
Цікавыя апісанні астранамічных і атмасферных з'яў у даўніх дакументах (летапісах, хроніках), цікавая праверка іх праз сучасную праграму вылічэння зацьменняў і камет. Цікавы аналіз ілюстрацый у летапісах. Карцінак зашмат не бывае, і хоць я бачыла ўжывую знакаміты драўляны коўш з, магчыма, задыякальнымі малюнкамі, яго выява была б дарэчнай у кнізе, як і выявы старажытных інструментаў для назірання за небам. Цікава, што ў пэўны перыяд геацэнтрычная мадэль свету была прагрэсіўнай у параўнанні з ранейшай "камара-плоскасцевай". Некаторыя звесткі паўтараюцца, як гэта і бывае ў дысертацыях - тэкстах вельмі рытуалізаванага, то-бок рэграментаванага, стылю. Усё ж ідэал перфекцыяніста - узорна структураваная кніга Кастусь Цыркун - Над намі неба: міфы і паданні пра планеты, зоркі і сузор'і застаецца недасягнутым.
Пры ўсёй маёй цікавасці і пазітыве да кнігі, кожны раз, як я яе разгортвала, засмучалася да слёз (я не жартую, вочы пратэставалі!). Цвёрдая вокладка, добрая белая папера, паўнаколерныя ілюстрацыі ў дадатку... і катастрафічна малы шрыфт асноўнага тэксту. Не разумею такой жорсткай да чытача "эканоміі".
І прафдэфармацыя не магла не атруціць чытанне. Агрэхі з рэдагаваннем і карэктурай перыядычна змушалі падкіпаць. Не тое што спрэс дрэнная мова, не тое што пярэсцяць абдрукі - а менавіта недастатковы ўзровень. Канчаткі, суфіксы, асобны правапіс: палямічны, даследуемы, разглядаемы, вывучаемы, пазначаемыя, узровень залежыў, пры Казіміры, "прадстаўляе не толькі... але і асвятляе", "кажа не толькі пра... але і дадаткова сведчыць...", у адным сказе "гэты... гэты", "які... які...". Магу паставіцца з разуменнем да тэрміна "жыдоўствуючыя" (але не вымавіць яго), аднак жа чый гэта тэрмін, няўжо ім карыстаюцца ў сумежных дзяржавах навукоўцы? Нават прыведзеныя самім аўтарам цытаты з першатэкстаў паказваць, што яго можна мадыфікаваць: "жыдоўскае вучэнне", "жыдовін Скара" - то мо зразумелі б чытачы "жыдоўская ерась", "жыдоўнікі" плюс даць да першага выпадку ў дужках тэрмін па-руску.
І ўсё ж аўтар малайчына. Малайчына, што напісаў, што наважыўся выдаць, што кніга ладная, што прадае. Некалі атрымаем і каляровы сучасны альбом з ідэальнай мовай, багаццем малюнкаў і нязмушаным захапляльным аповедам - беларускі дом вырасце на суровым падмурку, закладзеным рупліўцамі.