Больше рецензий
29 ноября 2017 г. 16:05
216
4
РецензияЧарговая кніга ў Бібліятэцы Свабоды, складзеная з матэрыялаў, якія ўжо гучалі на хвалях радыё. Перадачу "Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам" я часта не слухала, таму ў кнізе для мяне прысутнічаў элемент навізны.
Кожная глава — абмеркаванне пэўнай моўнай тэмы, напрыклад, як правільна ў беларускай мове ўтвараюцца параўнальныя ступені прыметнікаў, як правільна назваць жыхароў нашай сталіцы, што такое моўная глухата брэндаў, якія выходзяць з новым прадуктам на беларускі рынак і г.д. Большасць фактаў мне была ўжо вядомая, большасць ужо заезджаныя да дзірак. Але прыемна, што Вячорка не адарваны ад сучаснай культуры, таму тэкст кнігі выглядае даволі жывым, дзякуючы адсылкам на масавую культуру. У цэлым кніга даволі цікавая, хоць часам аўтар падае крыху неабгрунтаваныя факты, падганяючы іх пад сябе. Але нам патрэбен хоць адзін смелы чалавек, які нешта робіць з сучасным даволі гаротным станам афіцыйнага правапісу.
Але я ўсё ж такі лічу, што кніга для абазнаных у мове людзей, бо, напрыклад, са школьнікам яна можа згуляць злы жарт. Начытаецца ён моўных парад ад Вячоркі, а потым ЦТ па белмове заваліць. Бо афіцыйны правапіс, на жаль, яшчэ ніхто не адмяняў.
Для тых, хто цікавіцца падобнымі моўнымі пытаннямі, магу яшчэ параіць выдатную кнігу Юрася Бушлякова "Жывая мова" (там проста 5/5, кніга таксама выйшла ў Бібліятэцы Свабоды з серыі радыёперадач).