Больше рецензий
25 мая 2018 г. 16:48
233
3
РецензияПрачытала тоненькую кніжачку і ажно засумавала… Разумею, што ў 21 стагоддзі ў людзей ужо не хапае часу, каб траціць яго на аб'ёмныя кнігі, маштабныя гісторыі. Чытанне звялося да памераў паста ў фэйсбуку, але гэта не значыць, што падобнае трэба цягнуць у літаратуру.
Ніна Лістота ўзяла 20 сапраўдных гісторый, выплюхнула іх у агульны кацёл і зварыла нейкую нясмачную салянку, бо кожны інгрэдыент апынуўся недавараным. Зразумець, што тут нешта не так можна ўжо з апісання кнігі: 124 старонкі, кішэнны фармат, 20 гісторый кахання. Скарыстаўшыся простым матэматычным падлікам, прыходзім да высновы, што на кожную гісторыю кахання ў сярэднім адведзена 6 старонак кішэннага фармату (гэта тры аркушы з двух бакоў). Чэхаў казаў, што "Краткость — сестра таланта", але гэта толькі ў тым выпадку, калі вам трэба данесці нейкую думку максімальна лаканічна. Тут жа гісторыі кахання, якія не патрабуюць спрашчэння.
На сайце СБП натрапіла на інтэрв’ю з аўтаркай і ледзь не звалілася з крэсла:
Першапачаткова я планавала сабраць пяцьдзясят гісторый кахання рэальных людзей. Але, калі распачала працу, пабачыла, што тэксты атрымліваюцца нашмат большыя па памеры, чым я планавала. Таму па аб’ёму дваццаць гісторый атрымалася – акурат тое, што трэба...
Уяўляеце, гэтыя абрубкі мусілі быць менш па памеры, а колькасць іх мусіла павялічыцца! У многіх пар адна толькі гісторыя знаёмства вартая цэлай кнігі, а прадстаўленыя ў кнізе яны выглядаюць спрошчана і карыкатурна. Трэба дадаць, што гісторыі ўсе сапраўдныя, але аўтарка змяніла некаторыя імёны, месцы і падрабязнасці з жыцця герояў. Таму калі вам здаецца, што ў творы дзейнічае нехта знаёмы, — вам не здаецца.
Адчуваецца, што аўтарка — журналістка, амаль не ўдалося пазбавіцца гэтага ў мастацкай прозе, таму ўвесь тэкст нейкі дакументальны, а потым раз — і нейкая мастацкая дэталька ляпнутая ўсярэдзіну.
Карацей, 20 гісторый кахання, чытанне кожнай з якіх суправаджалася ў мяне фэйспалмам. Тройка з нацяжачкай гэтай выпускной рабоце Школы маладога пісьменніка.