Больше рецензий

23 ноября 2019 г. 12:26

304

5 “Помнік літары Ў”

У кожнай мове ёсць свае адметнасці. У нашай роднай мове такой адметнасцю, безумоўна, з’яўляецца літара “Ў”. І калі вы знаходзіцеся на бульвары праспекта Францыска Скарыны і бачыце помнік гэтай літары, з вамі адбываецца маральны землятрус. З гэтага моманту вы асэнсоўваеце тое, што здарылася з нашай матчынай мовай у агульным сусветным кантэксце, і вас ахоплівае рашучасць не дапусціць таго, каб мова беларуская знікла ў нябыт, як мовы вепсаў ды прусаў. Пачынаеш скурай разумець звышчалавечыя ўздзеянні літаратараў, у венах якіх цячэ кроў сапраўдных полацкіх асілкаў. Адным з якіх, безумоўна, з’яўляецца майстра кароткай прозы, паважаны пан Вінцэсь Мудроў.

Ужо шмат гадоў я дзіўлюся таму, як прозвішча гэтага творцы падсвядома раскрывае ягоны ўнутраны свет. Такія асілкі могуць нарадзіцца толькі ў тым месцы, дзе Палота страчвае ўласнасць перадавая яе Дзвіне.

Крайні прачытаны мной зборнік Вінцэся Мудрова “Помнік літары Ў” выклікаў у мяне ўраджанне, якое можна параўнаць з уздзеяннем, якое іпрыт аказваў на французскія пазіцыі ў першую сусветную вайну: было і млосна, і хораша адначасова. Млосна – ад разумення таго, што гэтая нашая рэчаіснасць ужо існуе не толькі вакол нас, але і глыбока ўнутры нашай самасвядомасці і атручвае, ператварае ў ахвяр іпрытавай атакі беларускія мову, культуру і глыбінную падсвядомасць. Але праз дзясятак-другі старонак гэтай кнігі пачынаеш адчуваць сапраўдны катарсіс, разумеючы духоўны моц народа, які нараджае такіх творцаў, якія, нягледзячы на ўсе цяжкія абставіны жыцця, застаюцца вернымі сваёй клятве Рагнедзе.