Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

6 февраля 2018 г. 18:08

285

5

Напрыканцы 80-х пачатку 90-х мінулага стагоддзя нарэшце пачаўся працэс абнаўленьня ў беларускай літаратуры. Карабель з назваю СССР на поўных ветразях ляцеў да сваёй пагібелі. Добра разумелі гэта і ў кабінетах улады, таму пытанні культуры пачалі адыходзіць на далёкі задні план, на парадку дня паўставалі па-сапраўднаму складаныя і небяспечныя праблемы, найперш эканамічныя. Менавіта падчас гэтай ідэалагічнай «адлігі» на старонках літаратурных выданняў пачалі з'яўляцца творы забароненых, так званых “нацыяналістычных”, пісьменнікаў, а таксама маладых творцаў, творчасць якіх ніяк не ўкладалася ў Пракрустава ложа савецкай беларускай літаратуры.

Сярод апошніх быў і наваполацкі празаік Вінцэсь Мудроў. Ранейшыя спробы надрукавацца ў літаратурных перыёдыках не прыносілі маладому літаратару поспеху. Звычайна рукапіс твора вяртаўся з лістом, у якім літаратурны супрацоўнік выдання тлумачыў маладому калегу, што гэта не твор – а здзек і над савецкай рэчаіснасцю, і над савецкім працоўным чалавека. Калі б не прыйшлі часы перабудовы, дык такога пісьменніка, як Вінцэсь Мудроў, магло ўвогуле не быць, у сэнсе, ён бы па-просту не адбыўся. У сярэдзіне 80-х мудроўскія апавяданні час ад часу друкавала на сваёй літаратурнай старонцы толькі гарадская наваполацкая газета «Хімік». Балазе літаб'яднаннем пры газеце ў той час кіраваў сябар Мудрова яшчэ са студэнцкіх гадоў Уладзімір Арлоў.

Менавіта сябры ўгаварылі Мудрова ўкласці рукапіс першай кнігі. Кнігу Вінцэсь назваў «Жанчыны ля басейна» па назве аповесці пра былога энкавэдыста. У зборнік трапілі першыя апавяданні празаіка. За нібыта анекдатычнымі жыццёвымі гісторыямі дапытлівы чытач мог убачыць падтэксты, алюзіі, сацыяльныя гіпербалы. Перад героямі Мудрова ўзнікаюць розныя жыццёвыя выпрабаванні, якія прыводзяць героя да канфлікта з сацыяльнай сістэмай. Як правіла, героі Мудрова церпяць паразу і зачастую гінуць.

Па вялікаму рахунку, Мудроў нічога не вынайшаў у беларускай літаратуры. Ён узяў і гіпербалізаваў усе тыя мастацкія прыёмы, якія выкарыстоўвалі апалагеты сацрэалізму. Абсурднасць і марнасць жыцця чалавека-шрубкі ў таталітарным грамадстве пад пяром Мудрова выяўляюцца настолькі, што гэтае жыццё ўвогуле падаецца нейкім саркастычным здзекам з існасці і прыроды. У гэткага жыцця цалкам адсутнічае будучыня. Герой яго твораў або бязвольна перасоўваецца ад адной бессэнсоўнай жыццёвай падзеі да другой, або, як толькі ў яго нараджаецца мара (няхай сабе пра ненаселеную выспу на возеры Асвея, ці вучобу ў мараходцы) і ён пачынае імкнуцца да яе, адразу трапляе ў канфлікт з акаляючым абсурдным светам і, урэшце, абавязкова губляе нават тое, што меў. А калі герой пачынае дамагацца нейкай справядівасці, з'яўляецца прадстаўнік дзяржавы, надзелены ўладнымі паўнамоцтвамі, і нахабна, адчуваючы поўную беспакаранасць, дабівае героя. Што заставалася яму рабіць? Адчуваць сябе прусаком, не выторквацца, чытаць і сур'ёзна абмяркоўваць чарговы твор «важдзя», хадзіць на бязглуздыя дэманстрацыі, агучваць яшчэ больш бязглуздыя лозунгі, імітаваць стваральную працу на прадпрыемствах або ў калгасах - і дэградаваць. Так грамадства цалкам і паслядоўна тупела, ператвараючыся ў нейкую бязвольную біялагічную масу.

Творы Мудрова можна выкарыстоўваць і ў лекавых мэтах. Пачытайце яго ўважліва, і вы адчуеце, як пазбаўляецеся шаблённага ўспрыняцця навакольнай рэчаіснасці і незамглёнымі вачыма пачынаеце дэталёва распазнаваць увесь абсурд жыцця чалавека-шрубкі.